Тэма: Я і мая сям'я. Мая кватэра
Мэта: вучыць заўважаць адрозненні беларускага маўлення ад рускага на слых; фарміраваць навыкі правільнага вымаўлення [р]; пазнаёміць з лексікай, якая абазначае прадметы інтэр’ера; фарміраваць уменні асэнсавана ўспрымаць беларускую мову на слых, адказваць на пытанне, карыстаючыся словамі самога пытання, правільна і дакладна ўжываць словы пры канструяванні сказаў па ўзоры; выхоўваць ашчадныя адносіны да рэчаў.
Абсталяванне: падручнікі, сшыткі, малюнкі «У кватэры», каляровыя алоўкі.
Ход урока
Арганізацыйны момант
Актуалізацыя ведаў і ўменняў вучняў
1. Выдзяленне спалучэння гукаў [шч] у словах шчыры, шчодры, шчаслівы. Тлумачэнне значэння слоў
2. Гульня «Хто больш?»
Вучні паказваюць сваякоў, прычым кожны вучань павінен паўтарыць назвы сваякоў, пра якіх сказалі папярэднія вучні, і дадаць сваё слова.
Маўленчая размінка (вымаўленне гука [р]).
Параўнайце пары слоў на слых і скажыце, якое слова гучыць на беларускай мове, а якое на рускай: якорь — якар, репа — рэпа, рябина — рабіна, рыс — рыс, крем — крэм.
Як вы здагадаліся?
Сапраўды, у беларускай мове гук [р] вымаўляецца толькі цвёрда. Вымавім словы хорам па-беларуску.
Паслухайце верш і запомніце, як звалі дзяцей.
Каля горкі Два Рыгоркі,
Дзве Марынкі,
Дзве Ірынкі,
Два Барыскі,
Дзве Ларыскі
Елі смачныя ірыскі. (А. Дзеружынскі)
Назавіце імёны дзяцей. Што яны елі?
Зараз я буду чытаць верш, а вы правільна дагаворвайце імёны дзяцей:
Каля горкі // Два Ры... (горкі), // Дзве Ма... (рынкі), // Дзве І... (рынкі), // Два Ба... (рыскі), // Дзве Ла... (рыскі) // Елі смачныя... (ірыскі).
Новы матэрыял
1. Работа па падручніку (с. 16)
Разгледзьце малюнак. Назавіце сваякоў.
Скажыце, куды прыехала сям’я.
Чаму ўсе такія шчаслівыя?
Здагадайцеся пра тэму ўрока. Куды заходзіць сям’я? Вымавім па-беларуску: калідор.
Назавіце па- руску, на што паказвае зялёная стрэлка. Вымавім па-беларуску: сцяна.
Назавіце па-руску, на што паказвае карычневая стрэлка. Вымавім па-беларуску: падлога.
Назавіце па-руску, на што паказвае сіняя стрэлка. Вымавім па-беларуску: столь.
А цяпер паглядзім, якімі вы былі ўважлівымі. (Настаўнік просіць дзяцей паказаць у класным памяшканні сцяну, падлогу, столь. Потым, наадварот, просіць дзяцей хорам назваць тое, што ён паказвае: столь, падлогу, сцяну. Потым называе колер стрэлкі, а вучні адказваюць, на што яна паказвае.)
Лексічная праца
Дамінуючы лексічны матэрыял: кватэра, пакой (у пакоі), падлога (на падлозе), ложак (у ложку), канапа (на канапе), шафа (у шафе), крэсла (у крэсле), тэлевізар, дыван (на дыване), люстра, столь (на столі), дзверы (за дзвярыма), вокны (на акне, у вакне).
2. Работа з дэманстрацыйным матэрыялам і работа ў сшытку (с. 10)
Слухайце тэкст і сачыце па малюнках на дошцы.
Наша сям’я пераехала ў новую кватэру. У ёй два пакоі. (Настаўнік паказвае два малюнкі і пытаецца: «Што значыць “пакой”?»)
У Сяргейкаў пакой (паказвае) купілі ложак (паказвае), пісьмовы стол (паказвае), кніжную шафу (паказвае). Ёсць тут і шафа для адзення (паказвае).
На першым малюнку ў сшытку пакажыце пісьмовы стол, кніжную шафу, шафу для адзення. Пакажыце ложак. Для чаго ён? Чаму так назвалі па-беларуску? Абвядзіце на малюнку ў сшытку прадметы, якія ёсць у вашым пакоі. Назавіце іх па-беларуску. (Настаўнік заахвочвае вучняў, якія імкнуцца называць прадметы па-беларуску. Потым скіроўвае ўвагу вучняў на настуты малюнак дэманстрацыйнага матэрыялу і працягвае расказ.)
Вечарам уся сям’я збіраецца ў гасцінай (паказвае). На столі вісіць прыгожая люстра (паказвае). На падлозе ляжыць дыван (паказвае). Дзеці гуляюць на дыване. На канапе (паказвае) сядзяць мама і тата. Яны глядзяць тэлевізар.
На другім малюнку ў сшытку пакажыце падлогу, дыван, канапу, тэлевізар. Дзе гуляюць дзеці? Дзе сядзяць мама і тата? Што яны робяць?
3. Работа з DVD-дадаткам (беларуская народная песня «Сёння свята»)
Як называецца пакой, у якім сабралася ўся сям’я?
Як вы думаеце, чаму яго так назвалі? Беларусы заўсёды рады вітаць гасцей. (Вучні слухаюць запіс і выконваюць заданне.)
Замацаванне
1. Работа па падручніку (с. 17)
Падрыхтоўка да слухання, прагназаванне зместу тэксту
Як вы думаеце, ці можа звычайная мэбля стаць касмічным караблём?
Разгледзьце малюнкі. Што здарылася?
На чым хлопчык паляцеў у космас? Твор так і называецца — «Лятаючае крэсла».
Слуханне і актуалізацыя ў час слухання
Слухайце ўважліва і сачыце па малюнках.
Лятаючае крэсла
Жыло-было ў дзеда крэсла. Аднойчы прыйшоў і сеў у яго Антонік. Крутнуўся ўлева, крутнуўся ўправа і, о цуд, нечакана для самога сябе закрычаў:
Бывай, дзед!.. Лячу, падымаюся ў неба!..
Дзед толькі паспеў перадаць унуку тэлефонную трубку, папрасіў:
Звані!.. Расказвай, што ўбачыш...
Раптам крэсла з Антошкам паднялося ўверх. Акно перад ім адчынілася. Чароўны паветраны карабель павольна паплыў над горадам. (Пакажыце малюнак.)
Дзед занепакоіўся. Ухапіў тэлефон, спытаў:
Ало!.. Антошка, як адчуваеш сябе? Што наўкол бачыш?..
Ало, ало!.. На сувязі крэслалётчык Антон. Пада мною — вялізны горад, у якім мы жывём...
Які ён?! — ускрыкнуў дзед. — Я ніколі не бачыў свой горад
з вышыні.
Дык ведай, дзед, у нашым горадзе вуліцы што стужкі. Па іх поўзаюць мурашы...
Дзед зірнуў у акно. Па вуліцы якраз рухаліся легкавушкі, аўтобус, тралейбус. Дзед падумаў: «Калі гэтыя машыны падаліся Антошку мурашамі, то ён вельмі высока падняўся».
Антонік, ало!.. Табе не страшна там? — спытаў дзед.
Мне вельмі цікава!
Ляці дамоў, — папрасіў дзед. — Твае мама і тата хутка вернуцца з тэатра. Што ім скажу?
Я паспею, дзед... Вось толькі злятаю на Венеру...
Куды, куды? — напалохаўся дзед.
На планету Венеру! Туды яшчэ ніхто не лятаў. Я буду першым венерцам! — зарагатаў Антонік.
Ало, Антонік! — выходзіў дзед на новую сувязь з крэслалётчыкам. — Дзе ты цяпер?..
Я ўжо на Венеры, дзед!.. (Пакажыце малюнак.) Тут, дзед, усе назвы пачынаюцца з літары «В». Адкажы, што гэта па-венерынаму азначае: васейн, варога, вэлевізар, вашына?..
Дзед выканаў заданні, папрасіў:
Ляці ўжо, унучак, дамоў.
Слухаюся!.. — адказаў унук. — Уключаю спускны матор.
Праз некалькі хвілін шчаслівы Антонік злез з крэсла-круцёлкі,
прыцмокнуў языком:
Ну, дзед, чароўны ў цябе лятаючы карабель!
А калі дамоў вярнуліся тата і мама, Антонік увесь вечар расказваў ім, як лятаў на Венеру, якія дзівосы бачыў там. Прыдумляў цяжкія заданні для дарослых:
Скажыце, як будуць па-нашаму іх словы: варожанае, вырк, вукерка?.. (Пакажыце малюнак.)
А вы, сябры, здагадаліся, што гэта? (Паводле У. Ліпскага).
Суразмоўніцтва па змесце казкі
Куды і на чым лятаў Антонік?
Пра што ён даведаўся на Венеры?
Што хлопчык прыдумаў?
Пра што ён расказваў бацькам?
Ці магло такое адбыцца на самай справе?
2. Гульня «Хто самы здагадлівы»
Адгадайце загадкі. Адгадкі знайдзіце на малюнках у падручніку (с.16).
Дом драўляны стаіць,
у ім адзенне вісіць...
Дзверы ёсць,
і ёсць ключы,
толькі ў дом той не зайсці. (Шафа.) (В. Жуковіч).
Вас цікавіць навіна?
Вось яна!
Вы чакалі казку?
Калі ласка!
Трэба вам кіно?
Вось яно!
Усё раскажа і пакажа, —
мы сябруем з ім даўно. (Тэлевізар.) (В. Жуковіч).
Чатыры браты адзін капялюш надзелі. (Стол.)
Маю рогі, маю ногі,
Як багаты, так убогі —
Ля мяне ўсе сядаюць.
Дык скажы, як называюць? (Стол.)
Неахайных і мурзуляў
Вельмі-вельмі не люблю я.
I з усмешкай прамяністай
Сустракаю дзетак чыстых. (Люстэрка.) (Н. Галіноўская).
Тым, хто любіць працаваць,
Мне спачын прыемна даць.
Лежабоку, гультая
Так хацеў бы скінуць я. (Ложак.) (Н. Галіноўская).
3. Работа ў сшытку (с. 11, заданне 2)
Мы сустрэлі словы, якія падобна гучаць на рускай і беларускай мовах, але абазначаюць розныя прадметы.
Паглядзіце на малюнак. Што ляжыць на падлозе? (Дыван.)
Што стаіць на дыване? (Канапа.)
Назвы якіх прадметаў можна пераблытаць?
Дамалюйце кацяня, якое спіць на канапе. Дамалюйце кубікі, якія ляжаць на дыване.
4. Работа ў падручніку (с. 16)
На малюнках у падручніку пакажыце канапу. Для чаго яна?
Пакажыце дыван. Дзе можа ляжаць дыван? Дзе можа вісець дыван?
Пакажыце люстру. Дзе вісіць люстра? Пакажыце люстра. Для чаго яно?
5. Работа ў сшытку (с. 11, заданне 3). Па абрысах пазнайце прадметы і назавіце іх. Размалюйце. Назавіце ўсе прадметы адным словам.
Вынік урока
Чым адрозніваецца гук [р] у рускай і беларускай мовах? Якія словы ў рускай і беларускай мовах гучаць падобна, але называюць розныя прадметы?